Да зместу
Палацава-паркавы ансамбль графа Плятэра
Ведаеш гісторыюРадзімы —Пільнуеш Беларусь!

Гісторыя

Мінулае — гэта наша натхненне

Гістарычная хроніка

Исторический вид Опсы
Гістарычны выгляд палаца Плятэраў

XVI стагоддзе

Першыя згадкі

Мястэчка Опса існуе ўжо больш за пяць стагоддзяў. Назва, паводле адной версіі, паходзіць з балцкай мовы і азначае "мелкае". Аднак існуе і іншая, значна больш жывапісная версія, якая захавалася ў мясцовай легендзе.

Легенда аб паходжанні назвы Опса

Калісьці гэтымі землямі валодаў спадар Міланавіч, заўзяты паляўнічы. Аднойчы ў час палявання на яго напаў воўк. Жыццё чалавека выратаваў яго верны сабака, які напаў на драпежніка. Міланавічу ўдалося стрэліць, але ў сутычцы сабака атрымаў смяротныя раны і памёр. У падзяку за выратаванне спадар пахаваў свайго вернага сябра на ўзгорку ў сядзібе і ўсталяваў камень з надпісам "Аб псу". Легенда абвяшчае, што менавіта так гэтае месца і сталі зваць Опса*.

Першае пісьмовае згадванне аб Опсе адносіцца да 7 жніўня 1500 года. Тады вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягеллончык перадаў паселішча смаленскаму князю Глазыне. Зараз Опса — аграгарадок у складзе Опсаўскага сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі

Легенда абвяшчае, што менавіта так гэтае месца і сталі зваць Опса.

*Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Браслаўскага раёна. Мінск, «Паліграфафармленне», 1998 г.

XIX стагоддзе

Род Плятэраў

З 1829 года гаспадарамі Опсы сталі графы Плятэры – старажытны шляхецкі род, чыя гісторыя пачынаецца ў XIII стагоддзі ў Вестфаліі (с⁠ё⁠н⁠н⁠я гэта частка Германіі). Прадстаўнікі гэтай шляхетнай сям'і ўдзельнічалі ў крыжовых паходах і займалі высокія пасады ў Лівонскім і Тэўтонскім ордэнах. Ужо ў хроніках 1210 года згадваецца рыцар Хумберт фон Плятэр з Вестфаліі.

Плятэры былі адным з самых магутных родаў Вялікага княства Літоўскага. Сярод іх былі мецэнаты, ваяводы, дыпламаты і вучоныя. У XVI стагоддзі род падзяліўся на нямецкую і балтыйскую галіны, але першая з часам згасла. Плятэры славіліся як буйныя землеўладальнікі, ім належалі вялізныя тэрыторыі ў Латгаліі, Літве і Беларусі.

Архіўны партрэт з матэрыялаў роду Плятэраў
Фелікс Вітольд Марыян граф Броэль-Плятэр
Герб роду Плятэраў

XIX стагоддзе

Эмілія Плятэр

Эмілія Плятэр

Але самую гучную славу роду прынесла Эмілія Плятэр, якую сучаснікі называлі беларускай Жаннай д'Арк. Эмілія ўдзельнічала ў паўстанні 1830-1831 гадоў. З дзяцінства яна захаплялася нетыповымі для дзяўчыны таго часу заняткамі: верхавой яздой, стральбой і фехтаваннем. Любіла размаўляць з сялянамі і збірала беларускі фальклор на браслаўскай зямлі. Калі пачалося паўстанне, Эмілія сабрала і ўзначаліла ў званні капітана ўласны атрад з некалькіх соцень паўстанцаў. Гэты атрад дзейнічаў недалёка ад Опсы. Лёс адмераў ёй нядоўгі век: у канцы паўстання 25-гадовая Эмілія захварэла і раптоўна памерла. Яе пахавалі пад Варшавай, а дзякуючы знакамітаму вершу Адама Міцкевіча "Смерць палкоўніка" імя і трагічны лёс адважнай графіні сталі легендай.

Імя і трагічны лёс адважнай графіні сталі легендай.

XX стагоддзе

Палацава-паркавы ансамбль

Палац Плятэраў
Палац, 1904
Групавое архіўнае фота на прыступках палаца

У самым пачатку XX стагоддзя граф Фелікс Броэль-Плятэр пачаў будаваць на беразе Опсаўскага возера новы раскошны маёнтак. У 1904 годзе будаўніцтва каменнага палаца ў неакласічным стылі па праекце архітэктара Целяшынскага было завершана. Аднак лёс распарадзіўся так, што самі Плятэры ў сваёй новай рэзідэнцыі так і не паспелі пажыць. Сэрца палаца – галоўны дом з цэглы з элегантным порцікам і двума калонамі каля ўваходу. Першапачаткова дах быў чарапічны, а з боку возера на адкрытую тэрасу вялі шкляныя дзверы. Адтуль да вады спускаўся маляўнічы каскад лесвіц. Побач з палацам захаваўся жылы флігель і некалькі гаспадарчых пабудоў: каменныя стайні, хлявы і ўнікальная лядоўня - "прабабуля" сучаснага халадзільніка. Гэты цагляны будынак з глыбокім склепам, выкладзеным каменем, дзе круглы год захоўваўся лёд.

Асаблівай увагі заслугоўвала агароджа палаца - дубовыя шчыты на каменных слупах былі выкананы ў выглядзе хваляў. За ўязной брамай гасцей сустракаў круглы партэр, па контуры абсаджаны белай і жоўтай акацыяй, з яркім кветкавым палісаднікам у цэнтры, дзе, па ўспамінах старажылаў, некалі стаяла скульптура. Пачынаючы з Першай сусветнай вайны дом амаль ніколі не пуставаў. Спачатку тут размяшчаліся штабы рускай арміі, а з 1915 года - ваенны шпіталь. Пасля рэвалюцыі, калі Опса адышла да Польшчы, улады выкупілі і нацыяналізавалі маёнтак. З 1927 па 1939 год тут працавала адна з найлепшых у краіне мужчынскіх земляробчых (сельскагаспадарчых) школ, дзе юнакоў навучалі перадавым метадам вядзення гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны ў сценах палаца зноў размяшчаліся шпіталі - спачатку нямецкі, потым савецкі.

Пасля вайны тут адкрылі дзіцячы дом і інтэрнат. З распадам СССР сядзібу перадалі Беларускаму таварыству інвалідаў пад дом адпачынку. Дзяржаўным аб'яднаннем "Віцебскаблрэстаўрацыя" былі ўмацаваны сцены, выкладзены новы дах, але затым аднаўленне на доўгія гады было закансервавана.

Сёння

Адраджэнне

С⁠ё⁠н⁠н⁠я дамінантай мястэчка Опса з'яўляецца Палац Плятэраў, узведзены ў 1904 годзе, - строгі і элегантны, ён сустракае нас каменнай агароджай, якая захоўвае памяць аб многіх пакаленнях. С⁠ё⁠н⁠н⁠я палацава-паркавы ансамбль Плятэраў набыў інвестар і вядуцца актыўныя рэстаўрацыйныя работы.

Мы запрашаем вас на экскурсію па палацава-паркавым ансамблі Плятэраў, у межах якой пройдземся па цяністых алеях парка, дзе кожны паварот адкрывае новыя віды. Спусцімся да возера Опса па каскадных усходах пачатку XX стагоддзі — яе прыступкі, адпаліраваныя часам, вядуць нас да спакойнай воднай роўнядзі. Падыдзем да месца вырастання дуба-патрыярха. Абавязкова палюбуемся дзіўным арачным мастом таго ж перыяду - лёгкім, хупавым, нібы парылым над вадой. Гэты шпацыр - не проста агляд славутасцяў, а апусканне ў жывую гісторыю, дзе камяні, вада і дрэвы працягваюць свой аповяд.

Палац на зялёным узгорку
Каменная канструкцыя на фоне ўзгорка і дрэў